Летась злачынствы ў Польшчы здзейснілі 17 278 замежных грамадзян. Такія звесткі прыводзіць выданне Reform са спасылкай на Rzeczpospolita. Больш чым палова з іх — грамадзяне Украіны. Беларусы — на трэцім месцы ў гэтым антырэйтынгу. Злачынствы здзейснілі 1030 грамадзян нашай краіны. На другім месцы — грамадзяне Грузіі (2714 чалавек), таксама ў пяцёрцы выхадцы з Малдовы і Расіі.
Самае распаўсюджанае абвінавачанне — язда нападпітку. Усяго такія парушэнні здзейснілі 4898 чалавек, з якіх 70% складаюць украінцы, а яшчэ 25% — грузіны.
Летась таксама вырасла колькасць парушэння судовых забаронаў. Часцей за ўсё гаворка ідзе пра забарону кіраваць аўтамабілем пасля затрымання за п’янае кіраванне. Усяго ў 2023 годзе такія злачынствы здзейсніў 871 іншаземец. Максімальная санкцыя па гэтым артыкуле польскага КК складае тры гады пазбаўлення волі.
518 парушэнняў судовых забаронаў здзейснілі ўкраінцы, але адзначыліся і беларусы. Выданне прыводзіць два прыклады. У Гдыні 22-гадовы беларус сеў за руль пад амфетамінам, а праз некалькі месяцаў ужо ў якасці пасажыра абстраляў з пнеўматыкі аўтамабіль, што абагнаў машыну, у якой ён знаходзіўся. У Гданьску яшчэ адзін нецвярозы беларус быў затрыманы за рулём, хоць ужо меў забарону на кіраванне да сакавіка 2026 года.
Таксама летась 3240 замежнікам выставілі абвінавачанні ў крадзяжах. Акрамя таго, 2451 чалавек атрымаў абвінавачанні ў захоўванні наркотыкаў, у тым ліку 208 — у захоўванні «значнай колькасці».