Тэракт у «Крокус Сіці Холе» мог быць арганізаваны для таго, каб яшчэ больш пасварыць Украіну і Расію. А катаванні да абвінавачаных у тэрарызме апраўданыя, бо яны «не з’яўляюцца камбатантамі, у іх няма знакаў адрознення, яны не падпадаюць наогул ні пад якія законы». Такое меркаванне выказаў намеснік начальніка факультэта Генеральнага штаба Узброеных сіл Беларусі Андрэй Багадзель у эфіры праграмы «Объективно» на дзяржтэлеканале АНТ.
«Усё вядзе да таго, што Украіна пра гэты тэрарыстычны акт ведала. Украіна была як ніхто іншы зацікаўленая ў гэтым тэракце. І не толькі і не столькі Украіна, колькі яе заказчыкі», — заявіў Багадзель.
Ён упэўнены, што тэракт — не справа ІДІЛ, бо на гэтую тэрарыстычную арганізацыю «можна спісаць усё, што заўгодна», а яна «існуе неяк эфемерна».
Багадзель таксама лічыць, што напад на «Крокус Сіці Хол» мог быць арганізаваны для таго, «каб яшчэ больш пасварыць Украіну і Расію», мабыць, забыўшыся на тое, што паміж краінамі ўжо больш за два гады ідзе вайна.
Ён таксама дапусціў, што на тэрыторыі Украіны можа рыхтавацца падобны тэракт, каб паказаць свету, «што Расія нібыта помсціць за тое, што здарылася».
Ваенны прапагандыст таксама выказаўся пра катаванні, якім падверглі абвінавачаных у тэракце ў канцэртнай зале ў Падмаскоўі.
«Калі нават так, то людзі, якія не з’яўляюцца камбатантамі, у іх няма знакаў адрознення, яны не падпадаюць наогул ні пад якія законы. Можна з імі рабіць усё што хочаш. Гэта вам скажа любы вайсковы чалавек. Але нават гэта мы адкідаем у бок. Як дзейнічалі спецслужбы Расіі? Яны, рызыкуючы сваімі жыццямі, затрымалі гэтых нягоднікаў, назаву іх мяккім словам. Для таго, каб ім даць адвакатаў і для таго, каб потым даць ім турэмны тэрмін і да канца жыцця, бо мараторый ёсць на смяротнае пакаранне, іх кормяць і ўтрымліваць за кошт тых людзей, якія страцілі сваіх самых блізкіх. Вось тое, што рэальна адбылося», — лічыць Багадзель.
Нагадаем, увечары 22 сакавіка мужчыны, узброеныя аўтаматамі, уварваліся ў будынак буйнога канцэртна-выставачнага комплексу «Крокус Сіці Хол» у падмаскоўным Краснагорску (фактычна ўскраіна Масквы) перад пачаткам канцэрта гурта «Пікнік». Нападнікі пачалі страляць яшчэ ля ўваходу, потым вялі стральбу па наведніках унутры — як у фае, так і ў канцэртнай зале. Таксама яны ўчынілі падпал — у комплексе пачаўся маштабны пажар, зала цалкам згарэла, у ёй абрынуўся дах.
Раніцай 23 сакавіка ў СК і ФСБ Расіі заявілі пра затрыманне ў Бранскай вобласці ўсіх падазраваных у здзяйсненні тэракту. Усяго ў межах расследавання, паведамляла ФСБ, затрымалі 11 чалавек.
24 сакавіка расійскі суд адправіў пад арышт чатырох падазраваных у непасрэдным удзеле ў тэракце. Усе затрыманыя, якіх прывезлі на паседжанне, мелі сляды фізічнага ўздзеяння — імаверна, мужчын катавалі. У інтэрнэце ёсць відэа, дзе аднаму з іх адразаюць і запіхваюць у рот частку вушной ракавіны. Друкавалася і фота катавання іншага токам з падлучэннем правадоў да геніталій.