Ірландскі лаўкостар Ryanair абвясціў пра значнае скарачэнне зімовага раскладу рэйсаў з варшаўскага аэрапорта «Модлін», піша Irish News.
Авіяперавозчык збіраеца скасаваць 10 маршрутаў і скараціць частату рэйсаў на 13 іншых кірунках.
Рэйсы ў Белфаст, Брысталь, Кёльн, Каўнас, Манчэстэр і Пізу будуць скасаваныя, а частата палётаў на маршрутах у Лондан, Стакгольм, Дублін, Вену, Мілан, Парыж і Паўднёвы Брусэль будзе скарочаная. Частку скасаваных рэйсаў плануецца перанесці ў аэрапорты Варшавы, Лодзі і Любліна.
Рашэнне было прынятае пасля паведамлення пра тое, што з 10 кастрычніка аэрапорт «Модлін» павышае тарыфы да больш чым 30 злотых (амаль 7 даляраў) на пасажыра, пісала выданне The Warsaw. Гэта звязана з інфляцыяй і выдаткамі на пашырэнне тэрмінала для пасажыраў, якія праходзяць рэгістрацыю для краін нешэнгенскай зоны. Таксама плануецца замена асвятлення ўзлётна-пасадачнай паласы.